Лазічныя
  Калекцівізацыя
  Калядкі
  Голад 1933
  Соракі
  Бой 22.09.1942
  Ложка
  Дзядзькаў сон
  У зарабатках
  Маланніна сала
  Цыганка
  Хустка
  Камса
  9 гарошын

Дзевяць гарошын

Калі працавалі ў гародзе, бабуля паказала маці гарохавы стручок:

"Глядзі — дзевяць гарошын. Такім струком можна астанавіць вяселле — дайжа калі ўжо поезд вясельны едзець. Нада сказаць: "Дзевяць гарошын — дзесята нявеста. Стой, конь — ні з места!" Ну й яшчо малітву нейкую прачытаць.

Быў у нас тут такій случай. М. дужа хацела аддаць сваю дачку за аднаго хлопца, ну і папрасілі яны дзеда аднаго, К-ва, якій етым займаўся, каб астанавіў вяселле. Ён так і здзелаў. Вяселле ўжо ехала па вуліцы — і тут коні сталі як укопаныя. І ўсё. Тады ўжо адна баба з іконай нешта там ваўсіла*. Тады толькі паехалі далі. "

Такая ж інфармацыя падаецца ў слоўніку "Беларуская Міфалогія":

Гарох:

У беларускіх павер'ях струк з дзевяццю або дванаццаццю гарошынамі мог спыніць вясельны поезд, а перакінуты праз страху, ператвараў удзельнікаў вяселля ў ваўкоў.

[с.116]


* Адразу падалося, што слова ваўсіць (ваўсіў, ваўсіла) этымалагічна звязана з волхв, волхвовать, волшба. Сапраўды, знайшоўся адпаведнік - волшить. І за імі цэлы ланцужок: славянскі Волос-Велес-Вялес, летувісскій Velnias, латышскі Vels і іншыя.

UPD: бабуля падала яшчэ адзін, больш "празрысты" варыянт - валхвіць (таксама = шаптаць, рабіць магічныя дзеянні). Выглядае, што гэта лакальныя адрозненні - у Добрай кажуць валхвіць, а ў суседняй Панкратаўцы - ваўсіць. Айчым пра сваю бабулю, якая жыла ў Панкратаўцы, кажа, што яна менавіта ваўсіла. Цікава, трэба будзе ўдакладніць.

 

 







 

 

 

 1919 — 2009 © pavel-ambiont.com