Лазічныя
  Калекцівізацыя
  Калядкі
  Голад 1933
  Соракі
  Ложка
  Бой 22.09.1942
  Дзядзькаў сон
  У зарабатках
  Маланніна сала
  Цыганка
  Хустка
  Камса
  9 гарошын

Бой 22.09.1942

22 верасня 1942 года на нашым гародзе адбылася перастрэлка. Зараз там бульбовішча, а тады там яшчэ стаяла пагрябня. У дзяцінстве, калі капалі бульбу, я ў тым месцы знайшоў доўгую пазелянелую гільзу — ад нямецкай вінтоўкі.

Перастрэлка адбылася пад час бою немцаў з партызанамі брыгады "Звязда", камісарам якой быў наш сусед Дзмітрый Фёдаравіч Вайстроў, ці па-вясковаму - Міцік. Вось як гэты эпізод апісаны ў кнізе яго ўспамінаў:

"... Вдруг партизаны услышали отчаянные крики из горевшего погреба, крыша которого уже оказалась объятой пламенем. Это просили помощи женщины, укрывшиеся там. Через минуту партизаны вытащили задыхавшихся от дыма Екатерину Войстрову, Марию Немцеву, Дарью Макарскую, Марфу Войстрову, Маланью Крушеву... "

Пачытаў бабулі гэты ўрывак, спытаў, ці так яно было? Бабуля ўсміхнулася і сказала, што было трохі ня так і на пагрябне хаваліся трохі іншыя жанчыны. Ня мог жа Міцік ведаць усіх дэталяў, бо камандаваў боем і знаходзіўся недзе ў іншым месцы. А бабуля (якой тады было 23) як раз сядзела ў тым "горящем погребе".

Па яе словах, з ёй, акрамя Марыі Немцавай (Марічкі), была яшчэ Домна Дзядкова. А бабуліны сястра Юля і мама (Малання Крушава) былі ў лесе. За пагрябнёй хаваліся немцы - два ці тры. Партызаны стралялі па іх ад нашай хаты і пуні. У выніку страляніны загарэлася страха пагрябні — і жанчыны пачалі крычаць. Страляніна сціхла — і яны выйшлі вонкі. Домна была ў доўгім рубяку, таму, калі выходзіла з пагрябні партызаны зноў пачалі страляць - здалеку прынялі яе за немца ў шынелі. Добра, што не пацэлілі. За парогам, ля пагрябні, ляжаў забіты немец - страшна было цераз яго перасігнуць. А партызаны з боку хаты смяяліся і крычалі: "ня бойся! сымай з яго боты!"

Астатнія немцы ўцяклі на балотца, якое знаходзіцца адразу за нашым гародам, метрах у трыццаці ад пагрябні. Бой яшчэ працягваўся, у хату ісці было небяспечна, таму жанчыны хаваліся на тым самым балотцы. Бабуля кажа, што сядзела там у чароце амаль побач з немцам. Страшна было і яму, і ёй — бо здалек жа ня бачна, хто там ў тым балоце сядзіць — ці свой, ці не. Маглі б і забіць ненаўмысна.

Хутка бой скончыўся, бо з Горак прыехалі дадатковыя сілы немцаў, і партызаны былі вымушаны вярнуцца ў лес.

Дадам яшчэ пра Вайстрова, "дзеда Міціка", як мы яго называлі. (У кнізе яго псеўданім - Пётр Іванавіч.) Памятаю яго з дзяцінства — невысокі такі дзядулька з доўгай сівой барадой. Часцяком прыязджаў з Горак у вёску — да сясцёр, чыя хата насупраць нашай. Калі адна з сясцёр, Вера, памёрла — пераехаў у Добрую, дзе і жыў разам з сястрой Лідзіяй Фёдараўнай. Апошнія гады перад смерццю быў хворы - не ўставаў ужо з ложку. Кіраўніцтва калгаса ўспомніла пра знакамітага партызана толькі пасля смерці — зладзілі ўрачысты вечар-канцэрт у клубе. Пакуль быў жывы - не цікавіліся.

 

 

 

 

 1919 — 2009 © pavel-ambiont.com